Сацыяльныя і палітычныя погляды — аб’ект вывучэння адразу некалькіх сацыяльных навук: псіхалогіі, філасофіі, сацыялогіі і, вядома, паліталогіі. Кожная навука, ці асобныя галіны асобных навукаў, не толькі па-рознаму класіфікуюць погляды, але і ўвогуле выкарыстоўваюць розныя метадалогіі. Перад нашай камандай стаяла задача зрабіць найбольш кароткі, інтуітыўны і пасуючы да беларускага кантэксту тэст, які пры гэтым будзе дазваляць вымяраць такія погляды адразу ў некалькіх плоскасцях, выкарыстоўваючы адразу некалькі падобных класіфікацыяў.
Для пачатку, давайце разбяром, што ўвогуле маецца на ўвазе пад «сацыяльна-палітычнымі поглядамі» (ці «грамадска-палітычнымі») і пры чым тут ідэалогіі. Сацыяльна-палітычнымі поглядамі можна называць сукупнасць уяўленняў індывіда пра наш Свет, маральнасць, ідэальную візію цяперашняга і будучага ўкладу грамадства. Збольшага, гэты тэрмін можна сінанімізаваць з тэрмінам «ідэалогія» за адным выняткам: «ідэалогія» — гэта структураваная сукупнасць падобных уяўленняў. «Ідэалогіі» могуць як быць, так і не быць палітычнымі, але ў кантэксце нашага праекту гаворка ідзе, вядома, пра «палітычныя ідэалогіі», то бок тыя, якія маюць справу з прыняццем калектыўных рашэнняў і размеркаваннем ўлады ў грамадстве.
Ідэалогія — адносна сучасны тэрмін: ён з’явіўся напрыканцы XVIII ст. падчас французскай рэвалюцыі, а асноўныя сучасныя ідэалогіі і іх вытворныя з’явіліся на працягу XIX-XX ст. Першапачатковы ідэалагічны падзел з’яўляўся дыхатамічным, то бок уяўляў сабой два полюсы: прагрэсіўныя (левыя) і кансерватыўныя (правыя). Але не спяшайцеся рабіць высновы! Рэч у тым, што па мерках XIX ст. «левымі» з’яўляліся ўсе антыманархісты: сацыялісты, лібералы, анархісты і нават некаторыя манархісты-рэфарматары. Вядома, некаторыя адгалоскі такога падзелу мы бачым і цяпер: сучасныя правыя, як і правыя XIX ст., схільныя ўспрымаць некаторую натуральнасць няроўнасці (як сацыяльнай, так і эканамічнай).
Але цяперашнія левыя і правыя — гэта не зусім тое ж самае, што левыя і правыя 150-200 гадоў таму. Больш за тое, гэты падзел папросту адмёр: XX ст. нарадзіла велізарнае мноства новых ідэяў, якія ў тым ліку супрацьпастаўляліся, хоць насамрэч з’яўляліся двума бакамі адной манеты (як сталінскі камунізм і гітлераўскі фашызм). У 50-60 гг. XX ст. навуковая супольнасць распачала больш дэталёвае вывучэнне сацыяльна-палітычных ідэяў і Свет упершыню ўбачыў спробу класіфікаваць і візуалізаваць ідэалогіі па некалькіх восях. У 1954 г. двухвосевая мадэль была прапанаваная Гансам Айзэнкам, знакамітым псіхолагам і сацыёлагам, таксама вядомым усім нам па тэсце IQ Айзэнка і апісанню тыпаў тэмпераменту.
Першапачаткова Айзэнк вывучаў узаемазалежнасць тэмпераментаў і палітычных поглядаў, яго цікавіла якія менавіта рысы рабілі людзей прыхільнікамі кансерватараў і прагрэсівістаў адпаведна. Але падчас працы ён заўважыў і іншы падзел, што прывяло да стварэння восі «аўтарытарнасці-дэмакратычнасці», якая адлюстроўвае схільнасць людзей да веры ў неабходнасць палітычнай свабоды або «жорсткай дзяржаўнай рукі» адпаведна. Падобная вось нівілявала праблему падабенства фашыстоўскага і камуністычнага рэжымаў, а напрацоўкі Азйэнка ляглі ў аснову наступных даследаванняў і класіфікацыяў сацыяльна-палітычных поглядаў па восях.
Наступны значны крок зрабілі амерыканскія палітолагі Маўріс Брайсан і Уільям Макдзіл, якія змянілі новую вось на «этатызм-анархізм», што дазволіла часткова вырашыць адлюстраванне фармату дыктатуры большасці (рэжыму, які абіраецца большасцю і падтрымліваецца шырокімі масамі насельніцтва, які пры гэтым дапускае значнае абмежаванне правоў пераважнай меншасці).
Новая вось дэманструе тое, наколькі ідэалогія дапускае дзяржаўнае ўмяшанне ў дасягненне жаданага грамадства, як бы апісваючы ролю дзяржаўнай палітыкі ў жыцці звычайнага індывіда. Чым вышэй ідэалогія па восі этатызму (ці таталітарызму) — тым больш моцную і жорсткую дзяржаву бачаць паслядоўнікі дадзенай ідэалогіі. Такім чынам, мадэль Брайсана-Макдзіла дзеліць палітычныя ідэалогіі на 4 ключавыя сектары: сацыялізм (лева верх), манархізм і фашызм (права верх), класічны марксізм (лева ніз) і арыстакратычны алігархізм (права ніз).
Аднак, найбольш папулярным стала іншая мадэль, якая распрацоўвалася прыкладна ў тыя ж гады (60-70-ыя XX ст.) — мадэль Нолана. Дэвід Нолан прапаноўвае дыяграмны выгляд, дае асобнае месца цэнтрыстам, а таксама фактычна зводзіць восі да двух значэнняў: эканамічнай і асабістай свабодаў.
Хаця дадзены фармат візуалізацыі і не прыжыўся, менавіта такія шкалы сталі асноўнымі для вымярэння палітычных поглядаў і ў тым ліку ў межах нашага праекту.
Але, нашая метадалогія трошкі адрозніваецца ад пэўнай колькасці іншых даступных у інтэрнэце варыянтаў. Рэч ў тым, што на дварэ 21 стагоддзе і заблытанасць грамадска-палітычных працэсаў, напэўна, знаходзіцца на сваім піку, а можа нават і расце з кожным днём. Для гэтага ўводзяцца дадатковыя восі, а шэраг пытанняў, якія традыцыйна адносіліся да адной з двух класічных восяў, вынесеныя ў асобныя, самастойныя восі. Дарэчы, з гэтым звязаныя і трошкі нязвыклыя назвы класічных восяў. Давайце разбяромся з усімі імі падрабязней.
1. «Аўтарытарызм — Палітычная свабода»
У дадзеным выпадку, гаворка ідзе пра ўзаемаадносіны «чалавек-дзяржава» згодна з мадэллю Брайсана-Макдзіла, дзе абсалютная свабода індывіда = адсутнасць усялякай магчымасці санкцыянаванага ўмяшання ў грамадска-палітычныя правы індывіда. Абсалютнай свабодзе супрацьпастаўляецца аўтарытарызм — сістэма, пры якой улада сканцэнтравана ў аднаго суб’екта, адсутнічае тэхнічная магчымасць плюралізму ідэяў, а грамадска-палітычныя правы могуць санкцыянавана абмяжоўвацца па меркаванні трымальніка ўлады
2. «Дзярж. рэгуляванне — Вольны рынак»
Традыцыйна, гэтую вось прадстаўляюць як «эканамічна левы — эканамічна правы», альбо «левы — правы», аднак такое ўяўленне не бярэ пад увагу магчымасць рознага стаўлення да механізмаў дасягнення эканамічнай роўнасці, ці папросту веры ў праблему эканамічнай няроўнасці па-за межамі дзяржаўнага ўплыву. Чалавек можа спачуваць бяздомным, альбо верыць у тое, што эканамічная няроўнасць негатыўна ўплывае на развіццё грамадства, але не лічыць, што дзяржавага можа эфектыўна вырашаць гэтыя праблемы. З іншага боку, мы можам уявіць чалавека, які не мае значнага сэнтыменту да менш багатага насельніцтва, але лічыць, што для ўстойлівасці грамадства, альбо моцы нацыі, дзяржава можа і павінна падтрымліваць нацыянальных вытворцаў ці ўводзіць рэгуляцыі заробкаў. Ва ўсялякім выпадку, мы нават маем падобныя рэжымы (напрыклад, сучасны расейскі рэжым, які характарызуецца нізкай сацыяльнай абароненасцю насельніцтва і пры гэтым даволі моцнай рэгуляцыяй нацыянальнай эканоміцы).
3. «Эканамічная роўнасць — эканамічная канкурэнцыя»
А вось гэтая вось здольная прадэманстраваць вашыя перавагі ў сацыяльна-эканамічнай плоскасці ў маральна-этычным кантэксце. Яна дэманструе наколькі вы верыце ў дабро сацыяльна-эканамічнай канкурэнцыі, альбо, наадварот, лічыце яе ў сваёй маральнай прыродзе злой і непрымальнай. У пэўным сэнсе, гэтая вось дэманструе больш класічны падзел «лева-права», але робіць гэта па-за межамі дзяржавы як інструмента вырашэння праблематыкі эканамічнай няроўнасці.
4. «Нацыяналізм — нацыянальная індыферэнтнасць»
Здаецца, з назваў мусіць быць усё зразумела, але давайце падрабязней разбяром чаму супрацьпастаўляюцца менавіта гэтыя тэрміны. Для пачатку разбяромся, што такое нацыяналізм. Нацыяналізм грунтуецца на канцэпцыі нацыі – агульнасці людзей, звязаных адзін з адным якім-небудзь параметрам, напрыклад мовай, гісторыяй, этнічнай прыналежнасцю, культурай ці каштоўнасцямі. Брытанскі палітолаг Бенедыкт Андэрсан характарызуе нацыю як «уяўную супольнасць». Нацыяналізм – гэта ідэалагічная ўстаноўка, якая ставіць нацыю ў аснову палітычнага ладу. Нацыяналізм не варта блытаць з патрыятызмам – сентыментальную прыхільнасць да пэўнай нацыянальнай супольнасці, альбо тэрыторыі, дзяржавы. Такім чынам, для нацыяналіста натуральна верыць, што шчасце індывіда ляжыць праз шчасце нацыі, ці як мінімум выразнай прыналежнасці да нацыі. Нацыяналізму можна супрацьпаставіць інтэрнацыяналізм, але нават ён усё ж такі разглядае важнасць існавання нацыяў і проста прапаноўвае неканкурэнтнае, кааперацыйнае існаванне нацыяў (можна сказаць, што, напрыклад, Еўразвяз з’яўляецца інтэрнацыяналістскім утварэннем). Іншая опцыя – касмапалітызм. Але, тут ужо варта прыняць да ўвагі беларускую спецыфіку: рэч у тым, што апошнія беларускія сацыялагічныя даследванні ідэнтычнасці дэманструюць, што касмапалітычныя (у прынцыпе і інтэрнацыяналістычныя) погляды, як бы гэта не было парадаксальна, больш уласцівыя як раз нацыяналістам. Гэта людзі, якія шануюць беларускую мову і культуру, але пры гэтым арыентуюцца на Захад, вераць у кааперацыю паміж нацыямі і паступовы адыход важнасці нацыянальных прыкмет. На адваротным баку стаяць людзі з нацыянальнай індыферэнтнасцю, для якіх праблематыка дачыненняў нацый, альбо ўзаемаадносінах нацый проста не стаіць.
5. «Прагрэсівізм — Кансерватызм»
Гэта акурат той першапачатковы падзел на левых і правых, які існаваў у XIX ст., але цяпер на павестцы стаяць зусім іншыя пытанні, звязаныя не з узаемаадносінамі «індывід-дзяржава», а сацыяльнымі нормамі і традыцыямі. У дадзеным выпадку прагрэсівізм звязаны з антыпатрыярхальнымі і антыксенафобнымі ідэямі, а кансерватызм – з патрэбай захоўваць традыцыйны лад грамадства. Вядома, праблемы ёсць з абодвума паняццямі: не кожны чалавек лічыць, напрыклад, змаганне з патрыярхальнасцю сацыяльным прагрэсам, а з іншага боку незразумела з якой эпохі пачынаюцца традыцыі, якіх мы мусім прытрымлівацца (калі ісці далёка – сапраўдны кансерватар мусіць быць прыхільнікам першабытнага грамадства, як найболей адпаведнага «вяртанню да каранёў»), але ў сучасным Свеце прынята рабіць менавіта такі водападзел і сусветная сацыялогія дэманструе яго рэлевантнасць.
6. «Канфрантацыя — Дыялог»
Вось, якая адказвае на пытанне «ці магчыма змяніць цяперашнюю беларускую ўладу мірным шляхам?» На самой справе, яна рэлевантная і для іншых краінаў і гістарычных прыкладаў, а таксама ў кантэксце некаторых ідэалогіяў (напрыклад, сацыялістычных, дзе дыскусія пра рэвалюцыю/эвалюцыю заўсёды мела месца), але ўсё ж такі мае адаптаваны пад Беларусь варыянт. Для канфрантантаў будзе ўласціва не ісці на перамовы з «ворагамі», змагацца са зброяй у руках і паважаць сілавы ціск, у той час як прыхільнікі дыялогу адхіляюць такія метады і лічаць першасным шлях дыялогу.
7. «Прарасейскасць — праеўрапейскасць»
Вось, якая таксама з’яўляецца спецыфічна беларускай і апісвае найбольш праблемнае і важнае геапалітычнае пытанне беларускага грамадства. Вядома, у геапалітычным выбары таксама мае месца быць пэўная стаўка на нейтралітэт, але, як дэманструе сацыялогія, ды і палітычная практыка, у канчатковым выніку цяперашняя Беларусь стаіць менавіта перад выбарам «Масква vs Захад», як культурна, так і гандлёва, інстытуцыянальна, можна нават сказаць цывілізацыйна. Для вызначэння поглядаў на гэтай восі задаюцца вельмі літаральныя і простыя пытанні, датычныя ўляўленняў рэспандэнтаў пра прыярытэты знешняй палітыцы Беларусі.
Вынікі
Метадалогія і вымярэнні неідэальныя. Увогуле, як і ўсе падобныя спробы абагульнення і вялікіх класіфікацыяў. Але менавіта падобныя праекты, тэсты, артыкулы дапамагаюць вырашаць адну з найбольшых праблемаў публічнай палітыкі: дэідэалагізацыі рухаў з прычыны нізкай грамадска-палітычный свядомасці, адукаванасці. Палітыка ператвараецца ў спаборніцтва «хто больш паабяцае розных плюшак», альбо «хто больш красамоўны» (што таксама з’яўляецца важным элементам канкурэнцыі), аднак у першую чаргу палітыка – гэта пра ідэі, спаборніцтва паміж рознымі візіямі ўладкавання грамадства. І менавіта восевая класіфікацыя можа хаця б трошкі растлумачыць who is who.
Добавить комментарий