Без сумневу, цяперашні палітычны рэжым у Беларусі характарызуецца як аўтарытарны. Ён душыць іншадумства і абмяжоўвае свабоду слова, ім 30 гадоў кіруе адзін і той жа прэзідэнт, а на выбарах адбываюцца сур’ёзныя фальсіфікацыі і маніпуляцыі. Аднак, аўтарытарныя рэжымы бываюць рознымі. Як мінімум вылучаюцца 3 абагульняючыя катэгорыі аўтарытарных рэжымаў:
- Канкурэнтны аўтарытарызм, пры якім рэгулярна праводзяцца шматпартыйныя выбары, але пры гэтым існуюць значныя электаральныя маніпуляцыі і абмежаванні ў дачыненні да апазіцыі, якія абцяжарваюць яе прыход да ўлады. Прыкладам можа быць Расея ў пачатку 2010-х, Польшча ў 1989 — 1991 гг., сучасная Турцыя і інш.
- Гегеманісцкі аўтарытарызм, дзе выбары ў значнай ступені з’яўляюцца фасадам, паколькі ўрад манапалізуе палітычную арэну з дапамогай прымусу, патранажу і іншых аўтарытарных тактык, не пакідаючы месца для сапраўднай канкурэнцыі. Прыкладам можа быць сучасныя Казахстан, Узбекістан, Сінгапур, Венесуэла і інш.
- Палітычна закрытыя сістэма, якая характарызуецца жорсткім кантролем над любым палітычным іншадумствам, адсутнасцю якой-небудзь формы палітычнай канкурэнцыі ці плюралізму. Лепшым прыкладам з’яўляецца Паўночная Карэя, але сюды ж можна аднесці Кітай, Кубу, Эрытрэю, Трэці Рэйх (1933 — 1945) і Савецкі Саюз (1922 — 1991).
Як бачна, нават ў спектры аўтарытарных рэжымаў ёсць зусім розныя з ідэялагічнага пункту гледжання краіны: камуністычныя, нацыянал-сацыялістычныя, папулісцкія, ісламісцкія і нават часткова ліберальныя, як Турцыя ці Сінгапур.
Аўтарытарызм — гэта не ідэалогія. Ідэалогія, як мы адзначалі ў папярэднім артыкуле, — гэта структураваная сукупнасць уяўленняў індывіда пра наш Свет, маральнасць, ідэальную візію цяперашняга і будучага ўкладу грамадства. Палітычныя жа ідэалогіі меюць справу з абмеркаваннем і канцэптуалізацыяй таго, як гэтыя ўяўленні павінны ўзгадняцца падчас калектыўных рашэнняў і праз размеркаванне ўлады ў грамадстве.
Але, ці ёсць падобныя ўяўленні і канцэптуалізацыі ў беларускай дзяржавы? Чым абгрунтоўваецца існуючы палітычны рэжым? У гэтым артыкуле мы паспрабуем разабраць з чаго складаецца афіцыйная ідэалогія і як можна ахарактарызаваць цяперашнюю Беларусь з ідэалагічнага пункту гледжання.
Дэ-юрэ ідэалогія
З лютага 2022 году Беларусь з’яўляецца адной з нешматлікіх краінаў, якія замацоўваюць тэрмін «дзяржаўная ідэалогія» у сваёй Канстытуцыі. На самой справе вельмі верагодна, што акрамя Беларусі да гэтых краінаў адносяцца толькі адкрыта камуністычныя рэжымы: В’етнам, Кітай, Куба, Лаос, КНДР. Але, у адрозненні ад сваіх калегаў, беларускі рэжым не лічыць сябе камуністычным. Камуністычная партыя з’яўляецца праўладнай, але гістарычна мае не больш за 10% ў марыянеткавым парламенце. Увогуле да 2023 існавала і адкрыта апазіцыйная камуністычная партыя «Справядлівы Свет». Карацей, камунізм, ці нават сацыялізм не з’яўляюцца афіцыйнай ідэалогіяй Беларусі.
У новай рэдакцыі Канстытуцыі тэма ідэалогіі абазначана вельмі агульна:
Артыкул 4.
Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове ідэалогіі беларускай дзяржавы, а таксама разнастайнасці палітычных інстытутаў і поглядаў.
Аднак, што гэта за ідэалогія нідзе не абазначана. Больш за тое, ніякіх афіцыйных трактовак, заканадаўчых актаў, пастановаў, карацей дэ-юрэ тлумачэнняў на гэты конт не існуе. Пры гэтым, на кожным дзяржаўным прадпрыемстве, у кожнай дзяржаўнай установе існуюць ідэолагі і ідэалагічныя аддзелы. У школах і ва ўніверсітэтах вывучаецца дысцыпліна «ідэалогія беларускай дзяржавы». Пра ідэалагічную вертыкаль часта ўспамінае і сам Лукашэнка (хоць у большай частцы выпадкаў адзначаючы, што яна не дапрацоўвае, ці што ўвогуле занадта мала робіцца ў бок ідэалагізацыі дзяржавы).
Замест афіцыйных пастановаў, на савецкі манер, існуе практыка абазначэння ідэалагічнага кірунку ў выглядзе дакладаў і падчас выступленняў галоўнага ідэолага — Аляксандра Лукашэнкі. Адразу некалькі крыніцаў і падручнікаў спасылаюцца на даклад Лукашэнкі «Моцная і квітнеючая Беларусь» ад 27.03.2023 году.
Акрамя класічнага папулізму Лукашэнкі, даклад утрымлівае шэраг пунктаў, якія вартыя ўвагі:
- Ні ВКЛ, ні БНР, нягледзячы на моцную ролю ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці, не з’яўляюцца ідэйнай асновай для сённяшняй Беларусі. БССР з’яўляецца пачаткам гісторыі беларускай дзяржаўнасці і з’яўляецца асновай для пабудовы сучаснай беларускай ідэнтычнасці і ідэалогіі.
- Беларускі этнічны нацыяналізм нясе дэструктыўныя сэнсы і быў масава адхілены ў 1990-я гады.
- Кіраўнік дзяржавы, абраны ў 1994 годзе (так, Лукашэнка гаворыць пра сябе ў трэцяй асобе) нясе адказнасць за пабудову сучаснай беларускай ідэалогіі.
- З трох вялікіх ідэалогій (марксізм, консерватызм, лібералізм) беларускаму народу бліжэй за ўсё марксісцкая. Але яна патрабуе адаптацыі пад сучасныя і беларускія рэаліі.
- Кансерватызм як ідэалагічнае вучэнне беларусам знаёма значна менш. Хаця асобныя яго элементы ад прыроды ўласцівыя беларусам у такіх традыцыйных для іх рысах, як «добразычлівасць», «памяркоўнасць», «талерантнасць», «разважлівасць». «Трэба быць добрымі кансерватарамі ў добрым сэнсе слова».
- Лібералізм жа характарызуецца як «ідэалогія сацыяльнай няроўнасці людзей, нажывы і індывідуалізму», але «некаторыя яго рысы павінны быць і нам уласцівыя», бо «канкурэнцыя спараджае найвышэйшыя ўзоры творчасці і вынікаў працы».
- «Палітычны кампанент беларускай дзяржаўнай ідэалогіі замацаваны ў Асноўным Законе — Канстытуцыі Беларусі», дзе Рэспубліка Беларусь — гэта унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава».
Такім чынам, выразна відаць на чым грунтуецца і на што спасылаецца афіцыйная ідэалогія: адмаўленне нацыянальна-рамантычнага праекта Беларусі, ярка-выяўлены марксісцкі элемент і прынамсі дэкларатыўная падтрымка высокай сацыяльнай абароненасці насельніцтва, некаторая доля традыцыяналізму-кансерватызму, канкурэнцыя выключна як інструмент стымулявання інавацый.
Апошнім жа пунктам ідэалагічныя пытанні рэкурсуюцца: гаворка ідзе пра тое, што сама Канстытуцыя і з’яўляецца ідэалагічным базісам, але ў цяперашняй Канстытуцыі ўзгадваецца гэтая ж самая дзяржаўная ідэалогія праз якую ажыццяўляецца беларуская дэмакратыя…. Карацей, усё ж такі нейкая каша.
Але наколькі апісаная вышэй сістэма і прадэклараваныя ідэалагічныя скрэпы суадносяцца з рэчаіснасцю? Ці можна сказаць, што Беларусь — марксісцкая дзяржава?
Дэ-факта ідэалогія
За 30 год праўлення Лукашэнкі беларуская сістэма не стаяла на месцы і значна эвалюцыянавала. У першую чаргу змянілася форма кіравання: па сутнасці, Беларусь прайшла шлях ад канкурэтнага аўтарытарызму да палітычна закрытай сістэмы. На дадзены момант у краіне засталося 4 палітычных партыі (усе з якіх праўладныя і нават марыянеткавыя), за крытыку ўлады ў лепшым выпадку можна атрымаць 2 тыдні арышту, а ў горшым — да 10 год турмы, а апошнія выбары прайшлі без аніякіх незалежных кандыдатаў, назіральнікаў і шанцаў на нечаканасці.
Ці паўплывала эвалюцыя палітычнага рэжыму на ідэалогію? Хутчэй наадварот: палітычны рэжым прайшоў да сваёй лагічнай кропкі ў адпаведнасці з той ідэалогіяй, якую Лукашэнка спрабаваў выкрышталізаваць з наяўных базісаў.
Вядома, з марксізму застаўся элемент цэнтральнага кіравання эканомікай: больш за 70% ВУП генеруюць дзяржаўныя прадпрыемствы, дагэтуль рэгулююцца кошты і заробкі, а сацыяльныя паслугі манапалізаваныя дзяржавай.
Беларускі кансерватызм толькі ўзмацніўся: уведзеная адказнаць за «прапаганду нетрадыцыённых стасункаў і паводзінаў», папулярызаваныя «праваслаўныя факультатывы» у беларускіх школах, а з дзяржаўных трыбунаў усё часцей гаворка ідзе пра «духоўны» складнік грамадства.
Што датычыцца лібералізму: як мінімум 30% беларускай эканомікі ўсё ж такі засталіся ўмоўна рынкавымі. Больш за тое, як дэманструе сацыялогія, існуе пэўны пласт насельніцтва, якому ўласцівыя індывідуалізм, якія прытрымліваюцца рынкавых поглядаў, маюць вышэй за сярэднія даходы і пры гэтым падтрымліваюць дзеючы рэжым. Гэта ў тым ліку людзі, якія зарабілі свой капітал праз канкурэнцыю з іншымі прадпрамальнікамі, але магчыма толькі ва ўмоўна рынкавым асяроддзі, бо лічыць Беларусь рынкавай краінай проста несур’ёзна.
Але, для пабудаванай Лукашэнкам сістэмы характэрныя яшчэ 2 рысы:
- Эгалітарны нацыяналізм. Розныя акадэмікі характарызуюць рэжым Лукашэнкі як «эгалітарна нацыяналістычны», у якім этнічная інтэграцыя і калектывісцкі этас у грамадска-палітычная сферы адыгрываюць ключавую ролю. Беларусь называецца «выспай стабільнасці», супрацьпастаўляецца «калектыўнаму захаду» і «расійскаму алігархату», а чырвона-зялёная сімволіка і афіцыйная ідэнтыка агрэсіўна прасоўваюцца ва ўсе сферы жыцця. Лукашэнка моцна іграе на нацыяналістычных пачуццях, але не нацыянальна-рамантычных, а нацыянальна-неасавецкіх, можна сказаць БССРаўскім патрыятызме.
- Выключэнне з грамадства людзей, якія не кладуцца ў чырвона-зялёную ідэнтычнасць. У 2020-2024 гг. Беларусь пакінула як мінімум 200-250 тысяч чалавек баючыся за пераслед па палітычных матывах. Больш за 1.5 тысячы палітычных зняволеных сядзіць у турмах. Дзесяткі палітычных мігрантаў прымусова пазбаўляюцца грамадзянства. Альтэрнатыўная сімволіка не проста не лічыцца беларускай, а прыпадносіцца як анты-беларуская і неабходная да знішчэння, забыцця. З бібліятэк адбіраюць кнігі з бел-чырвона-белым сцягам і гербам пагоня, а перыяд першых гадоў незалежнасці называецца ледзь не нацыянальнай катастрофай.
Такім чынам, беларускай дзяржаўную ідэалогію можна ахарактарызаваць наступным чынам: высокая ступень адзяржаўленасці кіравання эканомікай і грамадствам з некаторай доляй дазволенай канкурэнцыі, кансерватыўны і нацыяналістычны парадак дня, непрыняцце пэўных меншасцяў і стаўка на іх вынічшэнне з грамадства.
З узгаданых у дакладзе Лукашэнкі вялікіх ідэалогій гэта сапраўды больш за ўсё падобна на марксізм. Але ёсць яшчэ адна сістэма поглядаў, для якой уласцівыя наступныя рысы:
- Гіпернацыяналізм — заснаваны на цэласнай нацыі, ачышчанай ад уплыву непажаданых элементаў.
- Поўнае знішчэнне палітычных ворагаў радыкальнымі і гвалтоўнымі сродкамі
- Папулізм і мабілізацыя масавай падтрымкі праз звароты да расчараванняў і памкненняў людзей.
- Анты-капіталізм і анты-лібералізм, адмаўленне заходняга свету і каштоўнасцяў.
- Татальны кантроль за эканомікай і грамадствам, захаванне канкурэнцыі толькі сярод калядзяржаўных прадпрымальнікаў і іх карпарацый.
Гэтая ідэалогія завецца фашызм. Фашызм, які фактычна стаў галоўнай ідэяй 20 стагоддзя, да прынцыпаў якога былі павернутыя далёка не толькі Нямеччына, Італія і Японія, а і шматлікія іншыя дыктатуры ў Іспаніі, Партугаліі, Венесуэле, Паўднёваўсходняй Азіі і г.д.
Фашыстоўскія ідэі — гэта фактычна ўльтрадзяржаўніцкія ідэі, дзе калектывісцкі этас, які кіруецца дыктатарам, з’яўляецца ключавым прынцыпам кіравання, філасофіяй жыцця і сэнсам існавання грамадства. У гэтым сэнсе яны ўсё ж такі адрозніваюцца нават ад марксісцкіх ідэй (у іх чыстым выглядзе), якія мяркуюць паступовую ліквідацыю дзяржавы. Але гэта ўжо зусім іншая дыскусія на наступны раз.
Падагульняючы, можна сказаць, што беларускую ідэалогію складана ахарактарызаваць адным словам. Рэжым, у сваю чаргу, таксама аказаўся не надта здольны ў канцэптуалізацыі: з 2003 года характар рэжыму памяняўся, але апісанне таго, што Лукашэнка лічыць ідэалогіяй не было асабліва дапрацавана. У любым выпадку, гэты артыкул можа даць хаця б агульнае разуменне аб тым, што з сябе ўяўляе беларуская ідэалогія, а праведзены аналіз дазваляе сказаць, што яго фашыстоўскія рысы — зусім не прапагандысцкі прыём, а цалкам абгрунтаваная канцэпцыя.
Добавить комментарий